Краю мой родны! Як выкляты Вогам...
From Wikisource
Краю мой родны! Як выкляты Вогам...
Аўтар: Максім Багдановіч ("Вянок, кніжка выбраных вершоў.", 1913)
Краю мой родны! Як выкляты Вогам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожэм убогім
Вецер гуляе на волі.
Поруч раскідалісь родные вёскі.
Жалям сцікаюцца грудзі! —
Бедные хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурые людзі...
Шмат што зрабілі іх чорные рукі,
Вынясьлі моцные сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцярпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.
Кінь толькі вокам да гэтаго люду —
Сцісьнецца сэрце ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.
Песьня цяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіло:
Там дзе панура схілілась каліна,
Беднаго хлопца магіла.
Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрцэ навін не пачуе.
Сціснуло горэ дыханьне ў народзе,
Горэ усюды пануе.
Хваляй шырокай разлілось, як морэ,
Родны наш край затапіло...
Брацьця! Ці зможэм грамадзкае горэ?!
Брацьця! Ці хване нам сілы?!
Interwiki: